Страта

Сержук Сыс
Не адзіная ты маеш грыф
              “незваротная страта”,-
Шмат гублялася блізкіх людзей
              у жыцьцёвым трысьці,
Але першая ты сярод тых,
              перад кім вінаваты,
Што згубіў і ня змог,
              і ня здолеў дагэтуль знайсьці.
Можна доўга ўзірацца ў сьцяну
              і вакна не заўважыць,
Можна біцца ў вакно
              і лічыць яго тоўстай сьцяной,
Можна проста ня жыць,
              альбо жыць і над стратамі княжыць,
Толькі хто ў гэткім княстве
              захоча назвацца княжной?
Больш за сьмерць ненавіджу
              выключную логіку сьмерці,
Страта – нібы маленькая сьмерць
              і такі ж абсалют,
Гэта пляма, якую з душы не адмыць,
              не сашкрэбці,
І дарэмна зьдзіраць,
              калі сутнасьцю робіцца бруд.
Існаваньне тваё,
              як сукупнасьць вядомых малекул,
Рэч магчымая
              толькі за межамі сёньняшніх дзён,
Але я адшукаю цябе,
              каб на зломе кароткага веку,
Ці, магчыма, пазьней
              зноў падыхаць з табой ва ўнісон.
Я знайду цябе там,
              дзе да болю стэрыльна і бела,
Дзе патрэбы няма анікому маніць і хітрыць,
Назавуць наша воблака
              княствам дваіх ашалелых,
Дзе акром нас з табой
              будуць толькі багі і вятры.

2006.